Право
Загрузить Adobe Flash Player
Навигация
Новые документы

Реклама

Законодательство России

Долой пост президента Беларуси

Ресурсы в тему
ПОИСК ДОКУМЕНТОВ

Решение Конституционного Суда Республики Беларусь от 28.04.2012 № Р-703/2012 "Аб адпаведнасцi Кантытуцыi Рэспублiкi Беларусь Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь"

Текст документа с изменениями и дополнениями по состоянию на ноябрь 2013 года

< Главная страница

Зарегистрировано в НРПА РБ 7 мая 2012 г. N 6/1166



Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага - намеснiка Старшынi Канстытуцыйнага Суда Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановiча Т.В., Данiлюка С.Я., Iзоткi У.П., Марыскiна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цiкавенкi А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 i пункта 3 Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. N 14 "О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь"

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь".

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Iзотку У.П., прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь (далей - Канстытуцыя), Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь" i iншых заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь устанавiў:

Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь" (далей - Закон) прыняты Палатай прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 12 красавiка 2012 г., адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь 18 красавiка 2012 г. i прадстаўлены Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь на подпiс.

Дапаўненнi i змяненнi, якiя прадугледжваюцца Законам, датычацца пытанняў выяўлення i ўлiку гiсторыка-культурных каштоўнасцей, кантролю iх захавання i выкарыстання, рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, фiнансавання дзейнасцi па захаванню гiсторыка-культурнай спадчыны, а таксама правоў i абавязкаў уласнiка (уладальнiка) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

Пры праверцы канстытуцыйнасцi Закона Канстытуцыйны Суд зыходзiць з наступнага.

1. Згодна з артыкулам 15 Канстытуцыi дзяржава адказная за захаванне гiсторыка-культурнай i духоўнай спадчыны. У артыкуле 54 Канстытуцыi прадугледжаны абавязак кожнага берагчы гiсторыка-культурную, духоўную спадчыну i iншыя нацыянальныя каштоўнасцi.

Дадзеныя канстытуцыйныя палажэннi выступаюць гарантыямi рэалiзацыi права кожнага на ўдзел у культурным жыццi, а таксама забеспячэння агульнадаступнасцi каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах (частка першая артыкула 51 Канстытуцыi).

У мiжнародна-прававых актах, у тым лiку канвенцыях Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыi, навукi i культуры "Об охране всемирного культурного и природного наследия" ад 16 лiстапада 1972 года, "Об охране нематериального культурного наследия" ад 17 кастрычнiка 2003 года, а таксама Пагадненнi аб вывазе i ўвозе культурных каштоўнасцей ад 28 верасня 2001 года, удзельнiцай якiх з'яўляецца Рэспублiка Беларусь, пытаннi аховы культурных каштоўнасцей рэгулююцца з улiкам таго, што ўсе культурныя каштоўнасцi - частка агульнай культурнай спадчыны чалавецтва i што кожная дзяржава прызнае абавязацельствы па выяўленню, ахове, папулярызацыi i перадачы будучым пакаленням культурнай i прыроднай спадчыны, размешчанай на яе тэрыторыi.

Аналiз Закона ў цэлым дазваляе зрабiць вывад аб яго накiраванасцi на ўдасканальванне заканадаўчага рэгулявання адносiн у галiне аховы i выкарыстання аб'ектаў гiсторыка-культурнай спадчыны, далейшае забеспячэнне агульнадаступнасцi каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, рэалiзацыю канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыццi.

У адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства (частка першая артыкула 8).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што змест норм Закона, якiя вызначаюць у тым лiку парадак унясення прапаноў аб уключэннi гiсторыка-культурных каштоўнасцей у Спiс сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны, Спiс сусветнай спадчыны, якая знаходзiцца пад пагрозай, захавання нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, часовага вывазу за межы Рэспублiкi Беларусь рухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (пункты 2 - 4, 9, 19, 22 артыкула 1), адпавядае палажэнням мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь у сферы аховы культурных каштоўнасцей.

2. У частцы другой артыкула 44 Канстытуцыi прадугледжваецца права ўласнiка валодаць, карыстацца i выкарыстоўваць маёмасць як аднаасобна, так i сумесна з iншымi асобамi, а таксама палажэнне аб тым, што недатыкальнасць уласнасцi ахоўваецца законам.

Разам з тым у частцы шостай указанага артыкула Канстытуцыi ўстаноўлена, што ажыццяўленне права ўласнасцi не павiнна супярэчыць грамадскай карысцi, наносiць шкоды гiсторыка-культурным каштоўнасцям, уцiскаць правы i абараняемыя законам iнтарэсы iншых асоб. Дадзенай норме адпавядаюць абмежаваннi права ўласнасцi, якiя ўстанаўлiваюцца ў Законе (пункты 3, 4, 27 артыкула 1). Гэтыя абмежаваннi звязаны з выдачай дазволу на часовы вываз за мяжу Рэспублiкi Беларусь рухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, забаронай уласнiку (уладальнiку) матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, уладальнiку зямельнага ўчастка, на якiм размешчаны помнiк археалогii, дапускаць прычыненне шкоды i змяненне гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, выконваць работы на гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i (або) у зонах аховы нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi без дазволу Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь (за выключэннем работ па забеспячэнню належнага тэхнiчнага i санiтарнага стану гiсторыка-культурнай каштоўнасцi), а таксама забаронай адчужаць або перадаваць iншым чынам права ўласнасцi на гiсторыка-культурную каштоўнасць без узгаднення з абласным (Мiнскiм гарадскiм) выканаўчым i распарадчым органам.

Канстытуцыйны Суд лiчыць дапушчальнымi ўказаныя абмежаваннi як абмежаваннi, якiя адпавядаюць патрабаванням артыкула 23 Канстытуцыi, паколькi яны прадугледжаны законам, з'яўляюцца сацыяльна апраўданымi ў сувязi з тым, што накiраваны на дасягненне канстытуцыйна значных мэт, звязаных з забеспячэннем правоў i свабод iншых асоб у сферы культурнага жыцця, i не скажаюць сутнасцi канстытуцыйнага права ўласнасцi.

3. Змест норм Закона сведчыць аб тым, што яны заснаваны на канстытуцыйных палажэннях аб адказнасцi дзяржавы за захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны, аб абавязку кожнага берагчы гiсторыка-культурную, духоўную спадчыну i iншыя нацыянальныя каштоўнасцi, аб прызнаннi Рэспублiкай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забеспячэннi адпаведнасцi iм заканадаўства, аб канстытуцыйных гарантыях права ўласнасцi.

Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што асобныя палажэннi Закона не адпавядаюць патрабаванням прававой дакладнасцi як аднаму з элементаў прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыi).

Пунктам 28 артыкула 1 Закона артыкул 53 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь" дапаўняецца пунктам 4, у якiм прадугледжваецца магчымасць прымусовага спынення права ўласнасцi (права валодання) на матэрыяльную гiсторыка-культурную каштоўнасць, якая ўтрымлiваецца безгаспадарна. Такая гiсторыка-культурная каштоўнасць па рашэнню суда можа быць перададзена ў дзяржаўную ўласнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Указаная норма Закона не ў поўнай меры адпавядае артыкулу 49 Закона "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь", якi прадугледжвае, што падставы ўзнiкнення i парадак ажыццяўлення права ўласнасцi на гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, парадак выкупу гiсторыка-культурных каштоўнасцей, што ўтрымлiваюцца безгаспадарна, вызначаюцца дадзеным Законам i грамадзянскiм заканадаўствам, i артыкулу 241 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей - ГК), якi ўстанаўлiвае, што культурныя каштоўнасцi, якiя ўтрымлiваюцца безгаспадарна, па рашэнню суда могуць быць забраны ва ўласнiка шляхам выкупу дзяржавай або продажу з публiчных таргоў. Такая няўзгодненасць прававых норм параджае недакладнасць у рэгуляваннi i можа прыводзiць да супярэчлiвай правапрымяняльнай практыкi.

У частцы трэцяй пункта 2 артыкула 3 ГК устаноўлена, што нормы грамадзянскага права, якiя змяшчаюцца ў iншых законах, павiнны адпавядаць гэтаму Кодэксу, а ў выпадку разыходжання ўказаных актаў з дадзеным Кодэксам дзейнiчае апошнi. Грунтуючыся на патрабаваннях прыведзеных норм, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што прымяненне палажэнняў Закона аб прымусовым спыненнi права ўласнасцi (права валодання) на матэрыяльную гiсторыка-культурную каштоўнасць, якая ўтрымлiваецца безгаспадарна, павiнна ажыццяўляцца з улiкам норм артыкула 241 ГК, i звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць забеспячэння ўзгодненасцi норм законаў пры далейшым удасканальваннi заканадаўчага рэгулявання гэтых адносiн.

Згодна з Канстытуцыяй Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь разглядае праекты законаў (пункт 2 часткi першай артыкула 97), а Савет Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь адабрае або адхiляе прынятыя Палатай прадстаўнiкоў праекты законаў (пункт 1 часткi першай артыкула 98).

Такiм чынам, парадак прыняцця Закона адпавядае палажэнням артыкулаў 97 - 100 Канстытуцыi. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь пры прыняццi Закона дзейнiчалi ў рамках кампетэнцыi, прадастаўленай iм Канстытуцыяй.

Канстытуцыйны Суд прыходзiць да вываду аб тым, што па зместу норм, форме акта i парадку прыняцця Закон не супярэчыць Канстытуцыi.

Кiруючыся часткамi першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, часткамi восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 i пунктам 3 Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. N 14 "О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь", Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь



вырашыў:

1. Прызнаць Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь" адпаведным Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.

Звярнуць увагу заканадаўца на неабходнасць забеспячэння ўзгодненасцi норм Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь" у частцы прымусовага спынення права ўласнасцi (права валодання) на матэрыяльную гiсторыка-культурную каштоўнасць, якая ўтрымлiваецца безгаспадарна, з адпаведнымi палажэннямi Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь пры далейшым удасканальваннi заканадаўчага рэгулявання адносiн у галiне гiсторыка-культурнай спадчыны.

2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.

3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.



Старшынствуючы -

намеснiк Старшынi

Канстытуцыйнага Суда

Рэспублiкi Беларусь В.Г.Сяргеева






Архіў дакументаў
Папярэдні | Наступны
Новости законодательства

Новости Спецпроекта "Тюрьма"

Новости сайта
Новости Беларуси

Полезные ресурсы

Счетчики
Rambler's Top100
TopList